Тахелес

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

«Тахелес» — самы вядомы берлінскі сквот, арт-цэнтр (артхаўс), размяшчаецца на рагу Араніенбургерштрасэ і Фрыдрыхштрасэ ў цэнтры Берліна.

Будынак — частка вялікага комплексу пабудаванага ў 1909 годзе. Пасля 2-й сусветнай вайны і пабудовы Берлінскай сцяны, паўразбураны будынак апынуўся ва Усходнім Берліне, адрэзаны ад астатняга комплексу. Некаторы час часткова выкарыстоўваўся ў розных мэтах, на пачатку 1980-х гадоў вырашылі знесці будынак. Пачаліся ўзрыўныя работы, у выніку захавалася толькі адно 6-павярховае крыло будынка, якое ў 1990 годзе заняла група мастакоў.

З 1990 года будынак называюць «Тахелес» (у перакладзе з ідыш — адкрыта гаварыць, выказваць сваё меркаванне), ужо ў першыя гады існавання пад дахам «Тахелеса» аб’ядналіся творчыя людзі з больш за 30 краін свету. Цяпер «Тахелес» — ацалелае крыло будынка з прылеглай да яго адкрытай тэрыторыяй, будынак звонку і ўсярэдзіне размалявана графіці, у некаторых вокнах няма шкла.

Агульная плошча 23600 м², у арт-цэнтры размяшчаецца 70 мастацкіх атэлье. «Тахелес» — месца правядзення адкрытых выстаў, інсталяцый і тэатральных пастановак, у тым ліку фестывалю «Дах» пад куратарствам беларускіх мастакоў. «Тахелес» — адна са славутых мясцін Берліна, штогод яго наведваюць каля 400 тысяч чалавек.

Уладальнік будынка — банк HSH Nordbank. Плануюць прадаць будынак, у такім выпадку лёс арт-цэнтра не вызначаны.